СТАЛЯ́РНА-ЦЯСЛЯ́РСКІ ІНСТРУМЕ́НТ,

ручны або механізаваны інструмент для апрацоўкі драўніны і інш. драўняных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца пры выкананні сталярных работ і цяслярных работ: ім распілоўваюць і надаюць розную прафіляваную паверхню драўляным вырабам, утвараюць гнёзды і адтуліны, пазы, цыклююць і шліфуюць. Падзяляецца на вымяральна-разметачны, рэжучы і дапаможны.

Вымяральна-разметачны інструмент: лінейка, рулетка, кронцыркуль, нутрамер, рэйсмус, адвес, шаблон, вугольнік, ватэрпас, скаба і інш. (гл. таксама Разметка). Для больш дакладных вымярэнняў выкарыстоўваюць глыбінямеры, калібры, мікрометры, розныя штангенінструменты. Рэзальны інструмент: пілы, свердлы, долаты, стругі, дрылі, калаўроты, сякеры, рубанкі і інш. (гл. Дрэварэзальны інструмент), а таксама механізаваныя дрэварэзальныя і дрэваапрацоўчыя ручныя машыны (дыскавыя і ланцуговыя пілы, нажоўкі, электрарубанкі і інш.). Дапаможны інструмент: малаткі, адвёрткі, пласкагубцы, гаечныя ключы, кусачкі, клешчы, метчыкі, тачылы і інш.

Літ.:

Инструменты и приспособления. 2 изд. Мн., 1997;

Умелец в доме. М., 1998.

Сталярна-цяслярскі інструмент: 1 — сякера з тапарышчам; 2 — цяслярскі малаток; 3 — нажоўка па дрэве; 4 і 5 — лучковыя пілы; 6 — лобзік; 7 — наградка (для нескразных прапілаў пазоў); 8 — фанерная піла; 9 — галтэль (для выстругвання жалабкоў); 10 — рубанак-шэрхебель (з прамым і авальным лязом); 11 і 12 — сталярнае і цяслярнае долаты; 13 — шасцяроначны аднаскарасны дрыль; 14 — транспарцір-вугламер; 15 — ватэрпас.

т. 15, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)